Уступ. А ці ведаеце вы, што…
…набраць нават гэты невялічкі тэкст было б вельмі складана і нават месцамі немагчыма, калі б пры наборы на клавіятуры не знайшлося літары «Ў», а каб набраць «і», даводзілася б кожнага разу пераключаць раскладку на ангельскую. І як толькі ні мусілі мы раней схітрацца, каб прымусіць свой кампутар «размаўляць» па-беларуску…
Але ўсе цяжкасці цяпер застануцца ў мінулым. Бо ёсць цяпер такі праект — беларуская раскладка для клавіятуры.
Windows. Першы крок…
Калі вы раптам не ведалі, дык найбольш просты шлях да беларусізацыі свайго кампутара — гэта ўсталяванне беларускай мовы ў моўных наладках аперацыйнай сістэмы Windows.
Налепкі. Клеім і прымацоўваем…
Як ні дзіўна, але пасля інсталяцыі беларускай мовы ў кампутары пры націсканні на клавішу літары «Щ» цяпер трывала і непазбежна ўзнікае пачэсная літара «Ў». А замест «И» з’яўляецца звыклая «І». Ну, а замест грувасткага і дужа ўжо цвёрдага знаку «Ъ» птушкай уздымаецца такі гожы і паветраны апостраф…
Вось тут і спатрэбіцца наш камплект налепак. Не тое каб мы прынцыпова былі супраць той літары «Щ». Проста пагадзіцеся, што надпісы і значкі на клавіятуры мусяць адпавядаць літарам, што выскокваюць пры націсканні адпаведных клавіш. І калі пры націсканні ў пэўным месцы выходзіць «Ў», дык смела мацуйце на гэтае месца адпаведную налепку.
Далей — болей…
Многія ведаюць, што адным з адрозненняў беларускай мовы з’яўляецца дваістасць літары «Г». Бо ў нас ёсць два гукі для гэтай літары — фрыкатыўны і выбухны. Многія пра гэта ведаюць, а некаторыя гэтым карыстаюцца і маюць права трымаць пад рукой (г.зн. на клавіятуры) адмысловы гузік для выбухной «ґ».
І яшчэ…
Мы паклапаціліся таксама і пра карыстальнікаў беларускай лацінкі — налепкі на клавіятуру ўтрымліваюць усе сімвалы для лацінкавай раскладкі. Дарэчы, калі вы пачынаеце карыстацца беларускай лацінкай альбо толькі збіраецеся пачаць, дык можаце спампаваць адмысловую кліент-праграму «Беларускі лацінізатар». Гэтую праграму распрацавалі і ласкава дазволілі пампаваць усім ахвотным пан Зэдлік з панам Барышнікавым.
…падрабязней (лацінізітар з інструкцыяй па інсталяцыі і карыстанні)
Такім чынам…
…паглядзіце, як працуе праект «у зборцы». Мы паклапаціліся, каб працэс карыстання беларускай раскладкай быў максімальна просты і разам з тым задаволіў патрэбы самых розных карыстальнікаў.